КРЫВІ́ЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ТРЫНІТА́РЫЯЎ,

помнік архітэктуры 18 ст. Пабудаваны ў 1776 у в. Крывічы (цяпер гар. пасёлак) Мядзельскага р-на Мінскай вобл. ў стылі позняга барока. Складаецца з Андрэеўскага касцёла і жылога будынка. Касцёл св. Андрэя — 1-нефавы, 1-вежавы храм з прамавугольнай апсідай, накрыты высокім 2-схільным дахам. Высокая вежа мае 3-ярусную кампазіцыю з характэрнымі ў стылявых адносінах заломамі карніза, скосамі вуглоў. Арх. дэкор стрыманы і лаканічны. Высока размешчаныя ў тоўшчы сцен аконныя праёмы набліжаюць храм да абарончых збудаванняў. Сцены крапаваны падвойнымі пілястрамі з капітэлямі іанічнага ордэра. Амбон аздоблены пазалочанай драўлянай разьбой. Падлога мазаічная, з геам. арнаментам. Алтар багата ўпрыгожаны лепкай, скульптурамі святых. Жылы будынак прымыкае да паўд.-ўсх. сцяны касцёла. Двухпавярховы, прамавугольны ў плане, яго сцены ўмацаваны плоскімі лапаткамі, члянёны невял. прамавугольнымі аконнымі праёмамі.

А.Ю.Пятросава.

Крывіцкі касцёл і кляштар трынітарыяў.

т. 8, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)